Каложская царква – гонар яе жыхароў і сапраўдны сімвал Гародні. Каложскі парк - улюбёнае месца адпачынку многіх пакаленняў гараджан, а кожны гарадзенец лічыць сваім абавязкам паказаць Свята-Барыса-Глебскую (Каложскую) царкву гасцям горада. А вось ведаюць пра яе, на жаль, няшмат. Большасць навуковых артыкулаў і манаграфій, прысвечаных Каложскаму храму, напісаныя сухой і нуднай мовай, цяжказразумелай абсалютнай большасці чытачоў, акрамя, зразумела, гісторыкаў і архітэктараў. Ёсць, канешне, і артыкулы, напісаныя жывой мовай, але гістарычных фактаў ім, відавочна, не хапае... А колькі міфаў стварылася цягам стагоддзяў!
Таму акрамя вышэйзгаданых матэрыялаў гэты раздзел будзе змяшчаць цыкл невялічкіх гістарычных аповедаў пра Каложскі храм (і не толькі), напісаных простай мовай, якія распавядуць гарадзенцам і гасцям Гародні шмат цікавага і незвычайнага пра гэтую гарадзенскую святыню.